Наш раён
Баранавіцкі раён знаходзіцца на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці і мяжуе з Мінскай і Гродзенскай абласцямі. Плошча раёна складае 2203 км², а гэта каля 1% тэрыторыі ўсёй Беларусі і 6,7% тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У склад раёна ўваходзіць 14 сельскіх саветаў.
Сетка адукацыі раёна ўключае 9 сярэдніх, 3 базавых, 12 навучальна-педагагічных комплексаў «школа-сад», 13 устаноў дашкольнай адукацыі. У школах раёна навучаецца больш за 2960 навучэнцаў, працуе больш за 600 педагогаў. Функцыянуюць ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна», ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Баранавіцкага раёна», ДУСА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабiлітацыі Баранавіцкага раёна», 2 дамы сямейнага тыпу.
Са студзеня 2013 года на баланс аддзела па адукацыі перададзены аздараўленчы лагер «Дружба».
Баранавіцкі раён багаты гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі: на тэрыторыі раёна знаходзяцца 214 помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх 21 археалагічны і 51 архітэктурны, найбольш вядомыя з іх Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь і Туганавіцкі парк у в. Карчова. У раённым цэнтры рамёстваў у в. Русіно створана база для навучання народным рамёствам, пры цэнтры працуе этнаграфічны музей. Пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай і жыццём нашага земляка Адама Міцкевіча можна ў музеі-сядзібе Міцкевічаў "Завоссе".
Сёння Баранавіцкі раён гарманічна спалучае традыцыі і сучаснасць, уносіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці і рэспублікі, робіць усё для таго, каб паляпшаліся ўмовы працы, побыту і адпачынку людзей, дзякуючы якім наш раён з кожным годам становіцца больш прыгожым і багатым.