“Калісьці абавязкова стану настаўнікам матэматыкі!”— вырашыла аднойчы шасцікласніца Ірына. Маці-настаўніца і яе калегі ў адзін голас падтрымалі рашэнне вучаніцы: “З цябе, Іра, выйдзе добры педагог”.
У любові да царыцы ўсіх навук “вінаватай” аказалася Леакадыя Аляксандраўна Палулех, якая выкладала матэматыку і была класным кіраўніком Ірыны. Добры, справядлівы, шчыры педагог, які дасканала ведаў свой прадмет і стаў кумірам для вучаніцы.
Сёння Ірына Мікалаеўна Балейчук – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Крошынская сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна, настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
“Школу я скончыла з залатым медалём. Калі надышоў момант выбіраць жыццёвы шлях, раптам чамусьці захацелася стаць архітэктарам, бо з дзяцінства любіла маляваць, - распавядае Ірына Мікалаеўна. – Аднак, успомніўшы словы маці-настаўніцы і яе калег, вырашыла паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на спецыяльнасць “Матэматыка і фізіка”. У 1991 годзе па размеркаванні я трапіла ў Палонкаўскую сярэднюю школу Баранавіцкага раёна, дзе адпрацавала 20 гадоў, два з якіх – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Пазней усё ж вярнулася ў родную Крошынскую школу”.
Ірына Мікалаеўна – прафесіянал высокага ўзроўню. Яна дасканала валодае сучасным метадычным інструментарыем, добра арынтуецца ў асноўных дакументах, якія датычацца адукацыйнага працэсу, выступае генератарам ідэй для праектаў, якія паспяхова рэалізуюцца пад яе кіраўніцтвам. “Толькі наперад і толькі разам!” – дэвіз Ірыны Мікалаеўны Балейчук.
Матэматык па прызванні, яна вельмі любіць свой прадмет і імкнецца прывіць да яго любоў вучняў. “Для мяне вельмі важна, каб на ўроках дзеці не толькі засвойвалі праграмны вучэбны матэрыял, але і развівалі эстэтычныя пачуцці, адчувалі патрэбу ў вывучэнні матэматыкі. Я паўсюль бачу матэматыку і хачу паказаць дзецям тую гармонію, якую ўносіць, напрыклад, залатое сячэнне ў навакольны свет”, - дзеліцца сваімі педагагічнымі памкненнямі настаўніца.
Усе свае веды, навыкі, талент, розум і энергію Ірына Мікалаеўна аддае школе, дзецям. Яна працуе з самага ранку да позняга вечара, нават падчас летняга адпачынку яе нярэдка можна ўбачыць у кабінеце. “Гэта педагог з вялікай літары, чалавек са шчодрым сэрцам і адкрытай душой, які заўсёды гатовы падставіць плячо, падтрымаць, даць мудрую параду. Добрая, шчырая, спагадлівая, працавітая, таленавітая, сціплая, адданая любімай справе – сапраўдны агеньчык у калектыве!” - адзначаюць калегі.
Зразумела, што шматгадовая добрасумленная праца Ірыны Мікалаеўны Балейчук не магла застацца незаўважанай: неаднаразова настаўніца ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, граматамі аддзела па адукацыі Баранавіцкага райвыканкама і інш.
Вольны час Ірына Мікалаеўна прысвячае любімаму занятку – жывапісу, першыя крокі “ў які” яна зрабіла, дзякуючы дапамозе і падтрымцы суседа-архітэктара. На пытанне пра тое, адкуль бяруцца сюжэты, матэматык-мастак адказвае так: “Вобразы-падказкі для сваіх работ знаходжу ў прыродзе, дзе на кожным кроку заўважаю прыгажосць. Аддаю перавагу пейзажам і нацюрмортам з кветкамі, бо яны натхняюць мяне больш за ўсё. З беларускіх мастакоў падабаецца Явіч, з рускіх – Левітан. Заняткі жывапісам даюць мне сілу, эмоцыі, радасць і спакой, натхняюць тварыць і ствараць”.
Нам жа толькі застаецца пажадаць Ірыне Мікалаеўне Балейчук, каб яе жыццё ў цудоўным спалучэнні матэматыкі і жывапісу было заўсёды шчаслівым!
***
Ёсць цудоўны настаўнік у Крошынскай школе:
Жанчына, мастак, проста так… -- чалавек.
Агеньчык яе дабрыні не пагасне ніколі,
А шчырае сэрца няхай б’еццавек!
Працуе з душою, адданая справе і дзецям,
Дружыць з матэматыкай вучыць як след,
Нібыта царыца навук і праўда адзіная ў свеце,
І толькі яна дапаможа пазнаць гэты свет!
Жанчына --калега, намеснік дырэктара, маці,
Сяброўка, дачка, цудоўная жонка, сястра.
Сустрэне любога з усмешкай у школе і ў хаце,
Падорыць праменьчык святла і часцінку дабра.
Жанчына – мастак, што ў згодзе заўсёды з прыродай,
Карціны яе прыгажосці малюе ўмела рука.
І толькі слязінку змахне яна з твару ўпотай,
Як зноўку ствараць і тварыць пачынае душа мастака.
Няхай жа заўсёды ёй свеціць ласкавае сонца
І мірнае неба ўзвышаецца над галавой,
Калегі і вучні прыемна здзіўляюць бясконца,
Таму што ў школе няма больш жанчыны такой!
раскрыть » / « свернуть